Сустрэча з рэдакцыяй анлайн-часопіса Citydog.by у Магілёве 18 траўня 2016
Сайт CityDog.by, створаны ў траўні 2012 года, стаў першым незалежным гарадскім онлайн-часопісам пра Менск. «Калі мы запускалі CityDog.by, у Беларусі не было выданняў, якія б сыходзілі з аптымістычнага бачання гораду: агульным месцам было тое, што Менск жахлівы, шэры, пусты, і час ужо, нарэшце, валіць адсюль», – успамінае Яся Каралевіч-Картэль.
Цяпер сітуацыя змянілася: Менск па-ранейшаму не вельмі прыязны для жыцця горад, але пра яго прынята казаць зусім па-іншаму. Што трэба рабіць, каб не згубіцца сярод медыяканкурэнтаў і як шукаць новыя нішы? Што значыць «гарадскія міфы» і як на іх можна зарабляць? Ці варта марнаваць уласныя сілы, час і грошы на стварэнне магілёўскага CityDog.by? Падчас сустрэчы галоўны рэдактар часопісу Сяргей Сахараў і рэдактарка Яся Каралевіч-Картэль пра ўсё гэта раскажуць.
Гэта трэці рэгіянальны адукацыйны івэнт, зарганізаваны 34mag.net і Euroradio ў 2016 годзе. Летась у Берасці адбылася лекцыя Дзяніса Чыркі, галоўнага натхняльніка Freaky Summer party, а ў Магілёве прайшла сустрэча з Раманам Свечнікавым, вандроўнікам і аўтарам кнігі «Рома едзе». У сёлетнім студзені ў Віцебск прыязджала журналістка і даследчыца гарадской культуры Ганна Пазняк з лекцыяй «Стратэгіі ды тактыкі. Што можна зрабіць у горадзе тут і цяпер, а што можна рабіць потым», а ў Берасці выступала каманда галерэі сучаснага мастацтва «Ў» з лекцыяй «Як адчыніць галерэю сучаснага мастацтва ў Беларусі». Нашая прагрэсарская місія ў рэгіёны працягваецца, сачыце за анонсамі!
Лекцыя адбудзецца ў антыкафэ “Чердак”( вул. Ленінская,7)
Пачатак а 19:00
Уваход вольны
Сяргей Сахараў (нар. 1979), галоўны рэдактар інтэрнэт-часопісу пра Менск CityDog.by. Журналіст, культуролаг. З 2001-га – рэдактар моладзевага часопісу «Студэнцкая думка», пазней – 34mag.net. Медыякансультант.
Яся Каралевіч-Картэль (нар. 1989), рэдактар інтэрнэт-часопісу пра Менск CityDog.by, стваральніца мультымедыйнага гістарычнага праекту 90s.by. Скончыла філасофскі факультэт БДУ, супрацоўнічала з 34mag.net, «Лятучым універсітэтам» і кампаніяй «За альтэрнатыўную грамадзянскую службу ў Беларусі».