Зялёныя зоны: пошук шляхоў развіцця

1964976_302003423332098_8905330401859080109_nІмпрэзу-workshop «Зялёныя зоны: пошук шляхоў развіцця» зладзіў Цэнтр гарадскіх ініцыятыў у межах праграмы «Паркі гораду». Мерапрыемства адбылося пры падтрымцы Беларускага геаграфічнага таварыства, старшыня магілёўскага аддзялення якога – Ігар Шаруха, дацэнт кафедры геаграфіі МГУ імя Куляшова, выступіў у якасці вядоўцы.
На абмеркаванне было ўнесена некалькі праектаў па добраўпарадкаванні як ужо існуючых і добра вядомых зялёных зонаў Магілёва, так і новыя перспектыўныя прапановы па стварэнні паркаў ды іншых зон адпачынку.
Цікавы, вялікі і амбіцыйны праект па пераўтварэнні абшараў ракі Дубравенка ў турыстычна-забаўляльны цэнтр прадставілі навучэнцы МГОЛ №3 Папкова Паліна і Шырынская Вікторыя. У гэтай распрацоўцы знайшлося месца сапраўднаму замку Машэкі, 40-мятроваму агляднаму колу, дэльфінарыю, субтрапічнаму саду пад шклом, света-музычнаму фантану ды шмат чаму яшчэ .
Выкладчыца гэтай жа навучальнай установы Анжэла Карнеева прапанавала зроблены яе вучнямі праект «Экапарк «Зялёная казка», які нават паўдзельнічаў у адным з конкурсаў у Маскве. Гэтая праца амаль адзіная, якая датычыцца не цэнтру гораду, а перспектыўнай ускраіне – раёну Казіміраўка, у якой зараз вядзецца вельмі шчыльнае будаўніцтва і дзе ўжо амаль завершаны чарговы гандлёвы цэнтр каля якога захаваўся некрануты лясны масіў. Вось у гэтым месцы як раз і неабходна зона адпачынку, якую вельмі добра было б упісаць у існуючы ландшафт, захаваўшы як мага болей прыроднай прыгажосці.
Вялікае значэнне для гораду мае і зона Падніколля, дзе гарадскія ўлады ўжо пачалі разбудоўваць нешта падобнае да парку адпачынку і нават ёсць пачатковы праект, які яшчэ дужа не абмяркоўваўся на грамадскім узроўні, што вельмі верагодна можа прывесці да нейкіх адмоўных вынікаў.
Па гэтай тэме Барыс Мацюнін распавёў пра асноўныя ідэі праекту «Зялёная зона «Абалонь», у якім прысутнічае ідэя стварэння шэрагу музеяў пад адкрытым небам – этнаграфічнага (у выглядзе, напрыклад, шляхетскай сядзібы, ветраных ці вадзяных млыноў), археалагічнага, політэхнічнага, палеанталагічнага, батанічнага саду. Адна з цікавых вынаходак праекту – «Парк мініяцюр», дзе ў паменшаным маштабе можна будзе пабачыць гістарычны воблік нашага гораду з усімі архітэктурнымі асаблівасцямі і адметнасцямі розных часоў і эпох.
Ганна Скрыган (БРУ) прэзентавала »Зялёную карту Магілёва« на якой адлюстраваны ўсе зялёныя зоны.
Марыя Марудзенка (СНІЛ картаграфіі) зрабіла ацэнку зялёнага «каркасу» Магілёва.
Выкладчыца МГУ Ларыса Суздалева распавяла аб неабходнасці выкарыстання ў садова-паркавым праектаванні элементаў ландшафтнага дызайну, без якога цяжка зрабіць зялёную зону завершанай і па-сапраўднаму прыемнай для адпачынку.
Пасля ўсіх прэзентацый адбылося іх абмеркаванне і невялікі дыскус удзельнікаў праграмы, на якім адным з галоўных высноў сталася неабходнасць больш шчыльнага ўдзелу грамадскасці, грамадскіх суполак і нават асобных гараджанаў у падрыхтоўцы і абмеркаванні планаў і праектаў добраўпарадкавання існуючых ды распрацоўцы новых паркаў і зон адпачынку ў Магілёве. Такі кантроль яшчэ вельмі важны і таму, што гэтае пытанне датычыцца нават не столькі нас – сённяшніх жыхароў гораду альбо турыстаў, колькі нашых нашчадкаў, бо каб спілаваць тое ж дрэва патрэбна некалькі хвілінаў, а вось зноў пасаджанаму спатрэбіцца некалькі дзесяцігоддзяў каб дасягнуць такіх жа памераў. І тут галоўнае не пагнацца за імгненнай выгадай, не нарабіць памылак як было, напрыклад, са зруйнаваннем архітэктурна-гістарычнай спадчыны ды пабудовы шэрых і бязлікіх, альбо наадварот, занадта футурыстычных аб’ектаў у гістарычным цэнтры.
І самае галоўнае – ніколі не трэба думаць, што «мая хата з краю» і «ад мяне нічога не залежыць», усё як раз залежыць менавіта ад кожнага з нас, бо быць грамадска-актыўным чалавекам, удзельнічаць у жыцці гораду не толькі ў якасці спажывача, глядача ды карыстальніка – гэта і ёсць сапраўдны патрыятызм, грамадзянская адказнасць за свой горад, краіну, у гэтым і праяўляецца любоў да Радзімы і павага да продкаў.

Алесь Сабалеўскі, 23 снежня2014. (Фота А.Лiцiн)